PL EN

Я — беларускі журналіст?

Міхаліна Герасімюк

Ніва № 32-2010

З Міхасём Сцепанюком — апекуном і ветэранам Сустрэч „Зоркі”, журналістам Радыё Рацыя і рэдакцыі „Ніва”, выкладчыкам іспанскай мовы, шэфам ЗБМ гутарыць Міхаліна Герасімюк:

Міхаліна: — Кім Ты хацеў стаць, калі быў малым хлопцам?

Міхась: — Я ніколі не меў такіх планаў. Скажу больш, я зараз яшчэ не ведаю кім хачу быць у жыцці. Мусіць быццам не задумваюся, не лічу гэтага самым важным у жыцці.

— Як было на першых Сустрэчах Зоркі?

— Крышку інакш. Першыя Сустрэчы былі са школай у Гарадку. Мы размалёўвалі крыж у Меляшках. Крыж быў падзелены на квадраты і дзеці, пад наглядам Лёніка Тарасэвіча, малявалі ў іх іконкі. Мы крыху хадзілі па ваколіцы, але больш прывязаныя былі да малявання крыжа. Першыя Сустрэчы трывалі тры дні. Для мяне гэта быў першы кантакт з беларускім асяроддзем, раней такіх кантактаў зусім не было.

— Ты вывучыў ва ўніверсітэце іспанскую мову дык чаму стаў беларускім журналістам?

— Іспанскую мову пачаў я вывучаць з чыстай прыемнасці: мне яна падабалася. Ужо ў ліцэі хадзіў на рэпетыцыі, а пасля падумаў, каб вывучаць яе ва ўніверсітэце. Гэта мая пасія. Я — беларускі журналіст? Я пра сябе не думаю, што я вялікі журналіст. Гэта таксама цікавая справа. У мяне гэта атрымалася, так сказаць, без ранейшага плана! Пакуль што гэтая праца дае мне задавальненне. Але як будзе далей? Я рады, што магу быць з вамі на Сустрэчах „Зоркі”. Ды і праца ў мяне файная. Я не працую ад 8 да 16, часам бывае так, што працую ад 6 раніцы да 22 гадзіны вечара, а на другі дзень нічога не раблю. Калі мяне гэта перастане цікавіць, дык памяняю працу. Іспанскай мовы не памяняю, таму што гэта мая пасія.

— Каторы раз Ты на Сустрэчах „Зоркі”?

— Я не быў на Сустрэчах для настаўнікаў, не быў на ХХІ у Семяноўцы і здаецца на другіх, якія былі ў Меляшках-Калёніі. А на Сустрэчах „Зоркі” я 21 раз.

„Цікаўнасць”, гутарыла Міхаліна Герасімюк,
ІІ клас Белгімназіі ў Гайнаўцы.