PL EN

Вада гэта жыццё!

Сара КОС

Ніва № 26-2010

Ну і паехалі! Куды? Мы і самі не ведалі, нам толькі сказалі, што гэтае месца называецца Кудак і яно важнае для праваслаўных людзей. Мы ехалі дыліжансам запрэжаным у трактар больш за гадзіну.

Калі мы былі на месцы, аказалася, што мэта нашай паездкі — вёска Адрынкі. Там падмоклая зямля. У святое месца Кудак вядзе доўгая 800метровая драўляная кладка. Трэба сцерагчыся, каб не закружылася ў галаве і не ўпасці ў ваду.

На востраве стаяць дзве капліцы. Пасярэдзіне выспы расстаўлены белы намёт, у якім адпраўляюцца багаслужбы. Крыху далей, пад дубамі, зроблены фундаменты пад новую царкву. Тут пабачым і маленькі домік айца Гаўрыіла зроблены з вагона. Побач будуецца новы скіт, у якім будуць жыць манахі-пустэльнікі. У шэсць гадзін вечара пачалася багаслужба, а пасля акафіста асвяцілі ваду.

Нягледзячы на многіх людзей, якія ўсё падыходзілі да айца Гаўрыіла, нам удалося з ім пагаварыць. Ён адразу запрасіў нас частавацца супам і зёлкавай гарбатай. Востраў Кудак купілі пяць гадоў таму, а айцец Гаўрыіл тут ужо два з паловай года. Ён цешыцца, калі да яго прыязджаюць людзі:

— Вялікае значэнне для вернікаў мае малітва да Божай Маці, — кажа. — Мы молімся да Божай Маці, каб яна намі апекавалася і сцерагла ад дрэнных спраў і людзей.

— А якое значэнне мае асвячэнне вады? — спыталі мы ў айца Гаўрыіла. Якраз у дзень нашай вандроўкі выпала свята Пяценка і пасля акафіста духавенства асвяціла ваду. Людзі налівалі яе ў бутэлькі і везлі дамоў.

— Вада мае вялікае значэнне, — кажа манах. — Вада гэта жыццё!

Сара КОС „Пружына”,
І клас гімназіі ў Нарве