PL EN

У сям’і сіла!

Дар’я ВАПА

Ніва № 27-2010

Бора-Здруй гэта агратурыстычнае гаспадарства, а Людміла і Барыс Казлоўскія — яго ўласнікі. Яны пабудавалі тут пансіянат, адукацыйную сцежку Лясная галерэя, побач якой стаіць млын. Ва ўрочышчы таксама знаходзіцца пляц гульняў, а за пансіянатам стаіць гумно, у якім зроблена хата на ўзор даўніх (месца назывецца Вёска ўчора). Але ці толькі Людміла і Барыс гэтым займаюцца? Аказваецца, што не. У іх тры дачкі. Мне ўдалося спаткацца з дзвюма: Аняй і Мажэнай. Калі я ўвайшла ў хату спадарства Казлоўскіх, ужо ад парога пачула пах сямейнага цяпла. На падлозе ляжалі трускалкі, а калі я перайшла далей, пабачыла як пані Мажэна малюе ногці. Яна крыкнула да сястры: Аня, хадзі! Яны прынялі мяне вельмі ветліва. Я раней чула, што Аня хоча займацца коньмі, аднак калі я пачала з імі гутарку, даведалася, што такія планы існавалі ў мінулым.

— Турысты не цікавяцца коньмі. Мы іх прадалі, бо было з іх замала прыбытку, а замнога працы, — кажа спадарыня Мажэна.

— Я закончыла сельскагаспадарчы тэхнікум у Супраслі і магу гадаваць коней, — дадае яе сястра Аня.

Калі мы гутарылі пра агратурызм, мяне вельмі цікавіла ці іх бабуля Жэня расказвала ўнукам казкі. Яны сказалі што так. І гэта былі не толькі фантастычныя расказы, а таксама народныя паданні. Яны слухалі сваю бабулю, калі разам капалі бульбу. У сакрэце сказалі: Мы надалей слухаем бабулю! Яна расказвае пра даўнія часы. Калі я вярнулася да тэмы турызму, на іх тварах паявілася ўсмешка. Я пахваліла ежу, якую варыць спадарыня Людміла і спыталася ці ў будучыні яны плануюць адкрыць карчму. Сёстры згодна адказалі: Не!

— Бацька цяпер будуе вялікую залу. У ёй будуць адбывацца вяселлі, хрысціны і падобныя імпрэзы, — кажа пані Мажэна.

Я прыгадала ім таксама сустрэчу з Міхасём Андрасюком. Ён гаварыў, што не марыць аб паездцы ў Егіпет, лепш яму апынуцца ў пушчы. Адказалі, перш-наперш трэба параўнаць, але калі мова пра кароткія паездкі, пушча ім больш падабаецца.

— Калі мы вучыліся ў Беластоку, вельмі сумавалі за хатай. Мы больш прызвычаены да жыцця ў вёсцы, — гаворыць пані Аня.

Спадарыня Аня цяжарная. У гэтым выпадку мне трэба было спытацца ці дзіця будзе выхаванае ў „духу пушчы”. Жанчыны адказалі, што дзіця напэўна палюбіць лес, выхаваюць яго на прыродзе, будзе здаравейшае.

— Думаю, што будзе вясковае, — кажа з усмешкай пані Аня.

Калі гаворка пра дзяцей, то я і мая рэдакцыйная сяброўка паехалі ў Ляўкова, каб даведацца ад дзяцей, у што яны любяць гуляць. На жаль, дзяцей мы не сустрэлі. Я падумала, што спытаю пра іх у гаспадароў.

— Яны ходзяць у святліцу, лепяць з гліны, паўстаюць рок-гурты. Існуе таксама фальклорны ансамбль „Цаглінкі”. Летам ходзяць на раку, — сказалі нам жанчыны.

Калі мы гутарылі пра дзяцей, пані Мажэна ўсміхнулася. Я хацела, каб яна мне расказала пра свае зацікаўленні педагогікай. Аказваецца, у пані Мажэны добры падыход да дзяцей і адпаведная адукацыя.

— Калі б у нас не атрымалася з агратурызмам, я пайду працаваць у школу, — кажа.

Пагутарыла я яшчэ са спадарыняй Людмілай і бабуляй Яўгеніяй. Яны сказалі з задавальненнем:

— Калі дзяўчаты хочуць астацца, то мы таксама хочам займацца агратурызмам.

На канец бабуля Жэня паказала мне банкетную залу. Я была ўражаная яе вялікімі памерамі. Пасля гэтай сустрэчы смела магу сказаць: Казлоўскія сапраўдныя гаспадары, а іх сіла ў дружнай сям’і!

Дар’я ВАПА,
«Пружына», VІ клас ПШ № 4 у Беластоку