PL EN

Шчасце і вадзяныя цёкі

Наталля КАНДРАЦЮК-СВЯРУБСКАЯ

Ніва № 36-2010

Адной з першых рэчаў, якая прыцягнула маю ўвагу ў маім пакоі на Сустрэчах „Зоркі”, была вялікая калекцыя газет „Свет навукі”. Яны змяшчаюць шмат інфармацыі на тэму прыроды, палітыкі і мастацтва. Такія часопісы намнога цікавейшыя чым школьныя падручнікі.

Невыпадкова ўласнікам газет з’яўляецца Барыс Казлоўскі — чалавек„аркестр”. З ліку іншых людзей вылучае яго здаровы падыход да жыцця. Хаця я сутыкнулася з ім год таму, надалей у яго прысутнасці адчуваю вялікі прыток ведаў. У спадара Боры шмат арыгінальных думак наконт свету і здароўя людзей. Ён часта крытыкуе сучасны свет і падыход людзей да працы. Яму не падабаецца, калі людзі нічога не робяць, а толькі наракаюць. Ён сказаў нам, што нельга паддавацца дрэнным настроям, а толькі трэба дзейнічаць — тады будзем шчаслівымі людзьмі. Словы спадара Боры гучаць вельмі шчыра. Слухаючы іх, можна сапраўды памяняць падыход да жыцця.

Не ўсё, аднак, залежыць ад людзей. Мы нават не ўяўляем як моцна ўздзейнічае на нас свет прыроды. Мяне зацікавіла справа вадзяных цёкаў каля Ляўкова. З-за іх баліць галава і безупынна хочацца спаць. Пансіянат пана Боры быццам пазбаўлены вадзяных цёкаў. Гаспадар паказаў нам як з дапамогай лазы шукаць шкодныя для здароўя месцы. Аказваецца, што дзеля гэтага не трэба чарадзея-лазаходца. На сто чалавек можа толькі адзін не мае здольнасцей знайсці такія месцы.

Падмацаваныя тэорыяй мы самі пачалі шукаць вадзяныя цёкі ля пансіяната Бора-Здруй. Бо, нягледзячы на тое, што бачылі і чулі, нам чамусьці хацелася спаць. І дзіва — мы адкрылі вадзяныя цёкі. Праўда, мы не хацелі паверыць у тое, што бачылі. Бо калі глянеш на спадара Казлоўскага, гэты чалавек — доказ сілы, здароўя і творчага падыходу да жыцця.

Пасля пэўнага часу я зноў пачала думаць пра вадзяныя цёкі. Наогул я веру ў тое, што бачу. А тут...

З часам мы зразумелі сэнс нашага адкрыцця. Так! Вадзяныя цёкі неабходныя для пансіяната Бора-Здруй. Інакш як сэнсоўна растлумачыць яго назоў!

„Цікаўнасць”,
Наталля Кандрацюк-Свярубская