PL EN

Нараўчанскі „Антракт”

Ніва № 31-2010

У час візіту ў ляўкоўскую святліцу мы даведаліся пра тэатральны гурток „Антракт”. Мяне вельмі зацікавіла яго дзейнасць, таму што тэатр з’яўляецца маёй вялікай пасіяй і калі я не маю магчымасці выступаць на сцэне, тады шукаю сабе суразмоўцаў для гутаркі на гэтую тэму. Менавіта таму я і рэдакцыйныя сябры дамовіліся на сустрэчу з інструктарам і апякункай групы — спадарыняй Анэтай Снарскай. Калі ў 2007 годзе куратар і Беластоцкая камендатура паліцыі прыдумалі акцыю Dramat i komedie pozostaw teatrowi!, яна разам з настаўніцай Аннай Валэйшай вырашылі сабраць групу моладзі і падрыхтаваць спектакль. Такім чынам у Нараўчанскай гімназіі паўстаў тэатр. Іх тэатр — як адзначыла інструктарка — вылучаецца выхаваўчым пераказам і ставіць сабе за задачу адбіваць ахвоту моладзі ад шкодных звычак і дурных паводзін: курэння папяросаў, піцця алкаголю, боек і дурных сварак, якія вельмі частыя сярод юнакоў у гімназічным узросце. Аўтарамі сцэнарыяў з’яўляюцца самі апякункі. Яны штодзень працуюць у школе псіхолагам і педагогам і добра ведаюць праблемы сучаснай моладзі. У час размовы са спадарыняй Анэтай мы адчуваем сябе вельмі свабодна. Яна сімпатычная і адкрытая на іншых людзей. Не здзіўляе мяне, што моладзь з яе групы з вялікай ахвотай займаецца ў тэатры.

Нараўчанскі „Антракт” можа пахваліцца шматлікімі поспехамі.

— Тры гады таму мы занялі ІІІ месца ў конкурсе арганізаваным куратарам і паліцыяй, — кажа спадарыня Анэта. — Канкурэнцыя была вельмі вялікая, бо да конкурсу прыступіла аж 70 тэатральных гурткоў.

Год пазней яны пацвердзілі сваю творчую сілу і іх спектакль „Гісторыя аднаго кахання” атрымаў вылучэнне. Маладыя акцёры, апрача выступленняў у Беластоку і Нараўцы маюць магчымасць выступаць ў іншых гарадах. У мінулым годзе яны ўдзельнічалі ў тэатральна-вакальных майстар-класах у Плоцку, дзякуючы якім пабачылі і навучыліся шмат новага.

— Мы там сустрэлі цікавых і творчых людзей з цэлай Польшчы, — дадае Анэта Снарская. — Вядома, што такія новыя памкненні ўзбуджаюць творчыя сілы і малады чалавек можа развівацца разам з культурай. Я прыкмеціла, што цягам апошніх гадоў вясковая моладзь мае ўсё больш магчымасцей развіваць свае здольнасці. Паўстае многа гурткоў, капэлаў, аб’яднанняў. Гэта класна! Дзякуючы ім мы можам менш балюча дарастаць і пазітыўна думаць пра людзей і свет.

„Цікаўнасць”, Наталля Кандрацюк-Свярубская, ІІ клас ІІІ Агульнаадукацыйнага ліцэя ў Беластоку;
супрацоўніцтва: Уля Беразавец, І клас Гімназіі ў Нарве.