PL EN

Магічныя жывінкі!

ЗОРКА

Ніва № 33-2010

Калі мы разам з Мірай Лукшай ехалі на першую прэзентацыю кнігі „Жывінкі з глыбінкі” ў Бельск-Падляшскі, па дарозе, дзесьці ў наваколлі Козлік, мы пабачылі статак дзікіх казуль. Скажаце — звычайная справа! Не зусім, не зусім. Такія сцэны заўсёды паўтараліся. Аўтарскіх сустрэч было шэсць: у Бельску, у Ломжы, у Беластоку (у праваслаўнай школе), у Гайнаўцы, у Ляўкове, у Дубінах. Сустрэча ў Ляўкове мела вакацыйны характар. Яна адбылася побач славутай лясной галерэі ў пансіянаце Бора-Здруй. Аўтарку пасадзілі ля вогнішча як якую шаманку. Рэдакцыя „Цікаўнасці” прыдумала смелы і каларытны састаў агнявых пытанняў. Яны краналі не толькі прафесійны, але і прыватны бок жыцця гераіні. Апытальнік не дарма назвалі: Рэнтген Міры Лукшы! Пад ціскам допытаў аўтарка прызналася, што яе найбольшая мара — пахудзець! Дзеля гэтага яна прымяняе ўсякія дыеты-цуды, найчасцей без поспеху. Перашкодай у гэтай справе з’яўляецца апантаная любоў да дранікаў, якія можа есці дзень і ноч. Чытачы „Жывінак з глыбінкі” перажылі шок, калі Міра Лукша на вачах усёй публікі ляснула камара! Каб усё было ясна, яна не любіць гэтых насякомых-крывасмокаў. „І яшчэ не люблю вужоў”, — дадала паэтка. Затое абажае катоў, з якімі сябе атаясамляе. Не дзіва, што ў яе дзіцячай творчасці кот на першым месцы... Так было, калі мы паехалі напрыканцы года на аўтарскую сустрэчу ў Дубіны. Запрасіла нас настаўніца Ніна Куптэль. Па дарозе Міра Лукша расхвалявалася. Вось забыла ўзяць з сабой верш „Дубанос з Дубін” (ён не ўвайшоў у зборнік). Гэта не па-беларуску! Нашы людзі едуць у госці з падаркамі. Тым больш — да дзяцей! Я суцяшала аўтарку. Вось ехалі мы ў прыпушчанскю школу, у жывое котлішча яе літаратурных герояў. Тут жа жыла славутая „Сарока з Сарочай Ножкі”, „Сава з Савінага Груда”, „Кот з Катоўкі”, „Чыжык з Чыжоў”, „Жаба з Жабінай Горкі”, а непадалёк — „Муха з Махнатага”, „Свіння са Свінарояў”, „Леў з Ляўкова”, „Лось з Ласінкі”. У час прэзентацыі апошняга верша дзеці мусілі сказаць беларускае „л”!

Дзеткі і моладзь у Дубінах не ставілі агнявых пытанняў як сустрэчнікі ў Ляўкове. Тут слухалі аўтарку і вядучую, прасілі прачытаць вершы пра іх мясцовасці, стаялі ў даўжэзнай чарзе, каб атрымаць аўтограф. Сустрэча ў Дубінах спрацавала як трэба — яна натхніла аўтарку на працяг цыкла. Міра Лукша зноў пачала пісаць „Жывінкі з глыбінкі” (дзякуем за гэта спадарыні Ніне Куптэль і ўсім настаўнікам, якія запрасілі нас на аўтарскія сустрэчы). Мне запамяталася адна карціна. Калі мы ішлі ў школу ў Дубіны, хлопцы гулялі ў мяч і гарлапанілі на ўсю аколіцу. Калі мы пакідалі школу, тыя ж самыя хлопцы стаялі ў групцы, трымалі ў руках разгронутыя „Жывінкі з глыбінкі” і пра нешта гаварылі. А мне ля школы пашанцавала сфатаграфаваць аўтарку на фоне кашэчага ўказальніка. Праўда, толькі на адной мове.

ЗОРКА, фота Ганны КАНДРАЦЮК