PL EN

Лад пушчанскіх хат

Міхаліна Герасімюк

Ніва № 29-2010

Цікаўнасць: - Чаму дамы ў вёсках у наваколлі Белавежскай пушчы пабудаваныя быццам пад лінейку, а тыя, што ў самой пушчы, быццам раскінутыя на палянах?

Ева Мароз-Кечынская: — Даўным-даўно людзі будавалі як ім падыходзіла. За часоў каралевы Боны насельніцтва было ўпарадкаванае. Каб ведаць колькі грошай можна выцягнуць ад падданых, каралева рашыла, што палі, лугі і вёскі будуць размешчаны ў адпаведным парадку. Калі ўваходзім у вёскі, маем прамавугольныя і вузкія ўчасткі. Таму дом ставяць франтонам да вуліцы, значыць вузейшым бокам. Пасля стагоддзяў, калі людзі адбудоўваліся, яны трымаліся старога архаічнага ладу прасторы.

— Вандруючы па Падляшшы, можам пабачыць крыжы ў канцы вёсак. Дзеля чаго іх ставілі?

— Часта ў такі спосаб абазначалі небяспечныя месцы: скрыжаванні, пачатак вёскі. Яны мелі за задачу ахоўваць таксама ад няшчасця, напрыклад, ад пажару.

— Што абазначаюць узоры на ручніках? Што на іх можна прачытаць?

— Я думаю, што можна прачытаць ці гэты чалавек, які вышываў ручнік, меў спрытныя рукі!

— А ці аздобы на хатах звязаныя з нашай традыцыяй?

— Усякія арнаменты і аздобы паяўляюцца пасля 1920 года, калі людзі вярталіся з бежанства. Людзі пабачылі ў Расіі нешта новае. Відавочна ім гэта падабалася і таму ўключылі аздобы ў сваю культуру. Але калі адказаць на пытанне, то гэтыя арнаменты не нашая традыцыя!

„Цікаўнасць”: запісала Міхаліна Герасімюк,
ІІ клас Белгімназіі ў Гайнаўцы