PL EN

Ці я сапраўдны капітан?

Дар’я ВАПА

Ніва № 26-2010

(з цыкла: гульні і забавы пушчанскіх дзяцей — паводле расказу майго бацькі)

Вясна гэта чаканы, але таксама небяспечны час. Чаму? Таму, што часта здараюцца паводкі. Каля маёй хаты ў Доўгім Бродзе знаходзіцца луг, які называюць Глобучка. Вясной Глобучку часта залівала. Аднаго разу я падумаў, што добра будзе пагуляць у капітана. Я і мае малодшыя браты Янак (5 гадоў) і Юрак (3 гады) узялі балею і два патыкі, каб можна было чымсьці адпіхацца. Мы пусціліся на ваду і паплылі. Мы думалі, што гэта будзе добрая забава. Хутка я зразумеў, што нас занясло трыста метраў ад хаты. Пачалі крычаць! Наша бабуля Оля была ў хаце, але яна нас не пачула. Бацькоў таксама не было, бо паехалі ў Гайнаўку. Баба Оля пачала хвалявацца і сама пайшла шукаць нас. На шчасце мы зачапіліся за купіну дрэва сярод вады. Мы смяртэльна напалохаліся і думалі, што патопімся. Але калі ўбачылі як у наш бок ідзе баба Олька, крыху ачунялі. Яна была нізкага росту. Калі нас пабачыла, яна затачыла спадніцу, прайшла праз ваду і пацягнула на бераг наш карабель. Я ўжо ніколі не хацеў быць капітанам, а гэтую гісторыю буду памятаць ўсё жыццё.

Дар’я ВАПА
„Пружына”, VІ клас ПШ № 4 у Беластоку