PL EN

Белавежская пушча: Рэпартаж пра людзей пушчы

Ганна КАНДРАЦЮК

Ніва № 26-2010

Пад такой шыльдай адбыліся ХХІV Сустрэчы „Зоркі” і можна сказаць, што былі яны тэматычным працягам папярэдніх 23-х майстар-класаў. Год таму мы менавіта знаёміліся з Белавежскай пушчай праз прызму літаратуры, фільма, шляхам краязнаўчых вандровак ды аповедаў запрошаных людзей. Аначасова вучыліся мы многім жанрам журналістыкі.

У гэты раз мы засяродзіліся на рэпартажы. Як вядома, гэты жанр неразлучны з дарогай. З дарогай, якая вядзе да чалавека. Нам пашанцавала выйсці да людзей, пазнаёміцца і пагутарыць пра іх радасці і праблемы. Нашы героі, як самі пабачыце, не толькі расказалі аб жыцці і працы, але і падзяліліся з намі сваімі сакрэтамі і марамі. Частку жыцця пушчанскіх людзей мы пабачылі на канкрэтным прыкладзе. Разам з гаспадыняй мы спяклі жытні хлеб (прапанова для дзяўчат), які пасля смакаваў асабліва мужчынскай частцы нашага летніка. Нашы хлопцы, раней чым напісаць рэпартаж пра пушчанскі транспарт, навучліся запрагаць і распрагаць каня. Мы мелі нагоду пабачыць як выглядае духоўнае жыццё пушчанскіх людзей. Разам з імі мы пабывалі на акафісце да Маці Божай ля жыватворнай крыніцы ва ўрочышчы Кудак. У гэтае натхняльнае месца запрасіў нас сам айцец Гаўрыіл, якія пасля багаслужбы сустрэўся з нашымі журналістамі. Праз два дні мы наведалі царкву ў Ляўкове, дзе частка сустрэчнікаў спявала ў прыхадскім хоры, назірала як жанчыны асвячаюць зёлкі (якраз выпаў Зелянец) і паводзяць сябе ў падобных месцах. Грамадскія сувязі людзей пушчы — тэмарака для рэпартажу!

Як год раней, мы працавалі і адпачывалі ў гасцінным пансіянаце „Бора-Здруй” у Новым Ляўкове. Разам з дзяцьмі і моладдзю працавалі журналісты і пісьменнікі: Міра Лукша, Яўген Вапа, Міхась Сцепанюк і ніжэйпадпісаная. На працягу тыдня нас наведалі госці: фатограф Андрэй Лянкевіч, журналіст і краявед Янка Целушэцкі, літаратар Міхась Андрасюк, пешаход-рэпартажыст Аляксандр Вярбіцкі, этнолаг Эва МарозКечынская, навуковы супрацоўнік і эколаг Андрэй Кечынскі. Усе моманты Сустрэч адлюстраваныя ў разнавідных жанрах. У выніку працы дзвюх рэдакцый: „Пружына” (пад кірункам Магдаліны Панасюк) ды „Цікаўнасць” (пад кірункам Лукаша Зіневіча), узнікла дзевяць рэпартажаў, сем інтэрв’ю, пяць фельетонаў, тры апавяданні, вершы, ньюсы, рубрыкі гумару і сатыры. Вялікай нечаканасцю для „кадры” была тэатральная п’еса, якую напісалі, паставілі і выканалі самі ўдзельнікі Сустрэч. Іх спектакль быў свайго роду інтэлігентным адказам на ўсе дыдактычныя гутаркі з боку апекуноў і рыхтаваўся ў сакрэце да моманту прэм’еры! Не менш імпазантна выглядае праца сустрачанскіх фатографаў, якія злавілі і ўвекавечылі для хронікі ўсе афіцыйныя (ды не толькі) моманты. Паколькі большасць матэрыялаў надрукуем у „Зорцы”, чытач сам ацэніць нашу ангажаванасць і творчыя праявы. ХХІV Сустрэчы „Зоркі” — наш юбілей. У гэтым годзе нам спаўняецца 15 рэальных гадоў! Доўга гэта ці коратка? Частковыя вынікі паказаў сам час. Сярод апекуноў працаваў выпускнік Сустрэч „Зоркі” Міхась Сцепанюк — беларускі журналіст, настаўнік іспанскай мовы, старшыня Звязу беларускай моладзі...

А ці 15 гадоў — шмат часу?

Так. Асабліва для часткі сёлетніх сустрачан, якім яшчэ трэба шмат перайсці да такога ўзросту. Сустрэчы „Зоркі” адбыліся з 8 па 14 чэрвеня г.г. дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Ганна КАНДРАЦЮК