PL EN

Асталіся ў сэрцы і думках

Ніва № 34-2010

Ідзем па пясчанай дарозе, у сонечны дзень, па хутары Лазовае за Новым Ляўковам. Ад вайны прайшло ўжо 65 гадоў.

— Цікава ці яна нам штось раскажа? — падумала ўголас Наталля.

Мы дамовіліся на сустрэчу з маці ўласніка агратурыстычнага пансіяната Бора-Здруй. Яўгенія Казлоўская нарадзілася ў 1937 годзе ў Ляўкове. Яна перажыла вайну будучы дзіцём. Гэтая пажылая бабуля са спакойнай усмешкай на твары запрашае нас у сваю хатку і пачынае расказ. Вайна — гэта тэма, якая заўсёды мяне цікавіла. Што тады рабілі людзі? Як ім жылося? Ці баяліся? Усе ведаюць прычыну і вынікі вайны. Мы на ўроках гісторыі не раз гаварылі, чыталі. Але той, хто яе сам не перажыў, не ведае як было сапраўды!

— Калі мне было 6 гадоў, вывезлі нас у Беласток. Мой бацька працаваў у кузьні ў Германіі. Аднойчы мае бацькі сказалі, каб апранацца, таму што будзе трывога. На небе лёталі самалёты з белымі паясамі. Гэта знак, што напэўна будзе бамбардзіроўка. Ніхто з людзей не чакаў. Усе пагасілі агонь у лямпах і беглі ў лес, — пачала спадарыня Яўгенія.

Усе ведаюць, што ў час вайны не было лёгка. Трэба было хавацца ад фашыстаў. Стралялі, збівалі, высылалі ў канцлагеры і на прымусовыя работы.

— Блізка нас жыла сям’я, бацькі і трое дзяцей, — успамінае бабуля. — Калі немцы прыехалі ў вёску, без ніякіх пытанняў забралі мужчыну і паехалі. Іх не цікавіла, што дзеці засталіся без бацькі. Пад канец вайны немцы ўжо не забівалі, але людзі паміралі ад жахаў і стомы. Усе галадалі. Найбольш не хапала солі.

У нас, у Беластоку, была такая фабрыка і там стаяла салоная вада. Калі людзі даведаліся пра гэта, адразу кінуліся, каб узяць сабе хоць крыху гэтай вады. Пасля яе дадавалі да прадуктаў. Калі я вярнулася ў родную вёску, вобраз быў страшэнны. Усё згарэла. Нашу вёску пацыфікавалі ў 1943 годзе. Асталіся пустыя палеткі, на якіх не было ні адной каровы, ні каня.

Кажуць, што ад вайны нічога не асталося. Не. Асталіся ўспаміны, перажыванні. Яны жывуць у галаве і сэрцы да канца жыцця чалавека, які перажыў такое няшчасце. Бабуля Жэня выцірае свой паморшчаны трар спрацаванай далонню і задумваецца.

„Пружына”, Магдалена Панасюк —
ІІ клас Белгімназіі ў Гайнаўцы; супрацоўніцтва: Наталля Паплаўская — ПШ у Залуках і Патрыцыя Нармантовіч — ПШ у Бабіках