PL EN

Вогнішча, торт і песні

Оля Міранюк

Ніва № 31-2009

Вогнішча заўсёды з’яўляецца галоўным атракцыёнам экскурсій і сустрэч. Не абышлося без яго на ХХІІІ Сустрэчах „Зоркі”. У панядзелак усе з нецярплівасцю чакалі вечара. Пасля вяртання з Крыначкі,дзе царква і цудоўная крыніца,спадар Барыс Казлоўскі распаліў агонь. Ля яго вельмі смакаваў свойскі бігас. І,здаецца, мала хто паганьбаваў печанымі на агні каўбаскамі. Мы думалі,што на гэтым канец атракцыёнаў,але нікому не хацелася вяртацца ў пакоі ў такі цёплы, спакойны вечар. Нарэшце маглі мы адпачыць ад дажджлівага надвор’я і халадэчы. І тут сустрэў нас сюрпрыз! У руках рэдактар „Зоркі” паявіўся прыгожы, вялікі торт. Выявілася,што наша апякунка Ілона Карпюк і наш шаноўны госць,рэжысёр Пётр Бароўскі,святкавалі дзень народзінаў. Як доўга гарэла вогнішча,так доўга мы спявалі песні. Можа не найлепш атрымалася нам „Многае лета”, але лічу што няма нам роўных у спяванні „Купалінкі”. Тут, вядома, вялікая заслуга нашай запявайлы — Габрысі. Цікава, ці нашы песні спадабаліся жыхарам Новага Ляўкова?

„Павуццінне”, Оля Міранюк (Белгімназія
ў Бельску-Падляшскім)