PL EN

Па-беларуску мне... хіба цікавей!

Ганна КАНДРАЦЮК

Ніва № 51-2009

З МАГДАЛІНАЙ ПАНАСЮК, лаўрэаткай ХІІ Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы, гутарыць Ганна Кандрацюк:

— Магдаліна, я адчуваю што ў Цябе натуральная патрэба гаварыць вершам. Скажы, у якім узросце Ты напісала свой першы вершык?

— У другім класе пачатковай школы. Настаўніца загадала нам скласці рыфмаванкі. Я напісала і заняла першае месца.

— А пасля быў працяг?

— Пасля былі вершыкі на польскай мове, польскія конкурсы. Раз я дапамагала малодшай сястры і яна таксама заняла першае месца.

— Ці ў Тваёй сям'і яшчэ нехта пісаў?

— Не, але мой бацька ўмее гаварыць вершам. Ён раз дапамог мне напісаць вершы на конкурс, у якім я перамагла...

— Спадзяюся, што ў гэты раз Ты пісала сама?

— (Смяецца). Вядома, я паказала свае вершы адной настаўніцы беларускай мовы.

— Ты — вучаніца другога класа Беларускай гімназіі ў Гайнаўцы. Хто ў Тваім класе выкладае беларускую мову?

— Спадарыня Анна Каліноўская. Яна мой добры дух, раней выслала мяне на Сустрэчы „Зоркі”. Беларускую мову я люблю з дзяцінста. Добры ўплыў на мяне мела спадарыня Марыя Крук, настаўніца з пачатковай школы.

— Менавіта ў апытальніку для Галерэі „Зоркі” Ты напісала, што хочаш быць юрыстам, але твой любімы прадмет — беларуская мова...

— Так, так.

— Калі Ты напісала свой першы беларускі верш?

— На Сустрэчах „Зоркі”.

— Ці адчуваеш розніцу, калі пішаш на польскай і беларускай мовах?

— Вядома, на польскай мне прасцей, я размаўляю з бацькамі і сябрамі па-польску. Аднак, калі пішу па-беларуску, мне хіба цікавей.

— Якое значэнне мае для Цябе ўзнагарода ў Агульнапольскім конкурсе беларускай паэзіі і прозы?

— Я шчаслівая. Я не спадзявалася, што апынуся сярод лаўрэатаў. Зараз, калі мяне заўважылі, я атрымала стымул. Я буду далей пісаць і буду свае вершы паказваць людзям.

— А Твой тата з якой вёскі?

— З Грабаўца каля Дубіч-Царкоўных.

— Усё ясна. Ваш Грабавец вядомы ў беларускай літаратуры!

Фота і тэкст Ганны КАНДРАЦЮК