PL EN

Люблю, калі дзеці стрымліваюць слова!

Ніва № 26-2009

— Ці Вы заўсёды хацелі працаваць педагогам, ці можа настаўніцай сталі выпадкова? Чаму Вы рашылі стаць настаўніцай ярказ беларускай мовы?

— Нялёгкая справа выбраць прафесію. У дзяцінстве я вельмі часта гуляла з маёй сястрой у настаўніка. Потым, калі я ўжо вучылася ў ліцэі, мой прафесар Васіль Сакоўскі заахвоціў мяне стаць настаўнікам. Ну, і проста так атрымалася.

— На якія ўрокі Вы больш ахвотна ходзіце, на ўрокі беларускай ці польскай мовы?

— Гэтага сапраўды нельга параўноўваць. На ўроках беларускай мовы іншая атмасфера як на ўроках польскай. Вядома, на беларускую ходзяць адно тыя, якія хочуць нечаму навучыцца, на польскую — усе. Таму і іншая форма працы.

— Скажыце, што Вы найбольш цэніце ў сваіх вучняў?

— Паводле мяне, вучні павіны быць працавітымі. Я люблю, калі мае дзеці стрымліваюць слова і калі ёсць вынікі.

— Ці Вы хацелі б, каб Вашы дзеці сталі настаўнікамі?

— Не ведаю ці яны самі таго хацелі б. Думаю, што аднак — не. Калісь была такая традыцыя, што калі бацькі былі настаўнікамі, тады і дзеці выбіралі гэтую прафесію. Зараз бывае наадварот. Дзеці бачаць колькі бацькі ўкладаюць працы ў сваю прафесію і кажуць, што ніколі не будуць настаўнікамі.

— Як Вы збіралі матэрыял для свае кніжкі?

— У новай школе ў Нараўцы мы з вучнямі стваралі беларускую залу і тады частку экспанатаў мы прывезлі са Скупава. Многа чаго прынеслі бацькі, суседзі, вучні. Прытым людзі робяць такую засцярогу, што калі іх бабуля будзе патрабаваць гэты прадмет, каб была магчымасць забраць яго назад. Для нас гэта зразумела.

Многія прадметы мы сфатаграфавалі на панадворку або ў хаце ў людзей.

— Скажыце, калі ласка, нешта пра сваю сям’ю.

— Мая сям’я — гэта я, муж, ён аўтар амаль усіх здымкаў у кніжцы, сын, які закончыў беларускі ліцэй і таксама займаецца фатаграфіяй, дачка, яна вучаніца першага класа ліцэя.

— На якой мове Вы размаўляеце са сваёй сям’ёй?

— Мае бацькі вучылі нас гаварыць па-свойму. У хаце я гавару на нараўчанскай гаворцы, а з дзяцьмі — па-свойму і на польскай мове.

— Мы ведаем, што Ваш сын Марцін цікавіцца фатаграфіяй, у прошлым годзе ён стаў лаўрэатам фатаграфічнага конкурсу „Зоркі” — „Беларус у Еўрасаюзе”. Адкуль у яго такія зацікаўленні?

— Не ведаю. У хаце многа фатографаў. Муж заўсёды цікавіўся фатаграфіяй. Амаль заўсёды так бывае што тое, што робіцца ў хаце, тое робяць таксама і дзеці.

— Ці Ваш сын дапамагаў пры збіранні і фатаграфаванні матэрыялаў для кніжкі?

— Сын рабіў здымкі і пасля іх апрацоўваў на камп’ютары.

— Мы ведаем, што Вы нарадзіліся ў вёсцы Скупава, зараз жывяце і працуеце ў пушчанскай мясцовасці Нараўка. Ці Вы не хацелі б іх пакінуць для горада?

— Не, тут знаходзіцца ўсё патрэбнае для жыцця: лекар, праца, школа, магазін. Жыццё мае тут свае плюсы.

— Ці Вы любіце бываць у сваёй вёсцы Скупава? Ці часта туды ездзіце?

— Я там, пакуль, не бываю, таму што няма ўжо ў жывых маіх бацькоў. Мне балюча пабываць без іх на сваім панадворку, находзяць успаміны...

— Скажыце, калі ласка, што Вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем?

— Самым вялікім дасягненнем для мяне не з’яўляюцца кніжка і вынікі ў працы, а толькі тое, што маем з мужам добрых дзяцей.

— Заўтра Тройца. Як гэтае свята Вы адзначалі ў дзяцінстве?

— Тройца заўсёды мне асацыявалася з паездкай у Крыначку. У гэты дзень разам з бацькамі мы ездзілі фурманкай у пушчу да святой крыніцы. Мы таксама ўпрыгожвалі бярозавымі галінкамі іконы ў хаце.

— Ці троіцкія абрады захаваліся у Вашай хаце, сёння?

— На жаль, яны амаль загінулі...

Гутарку пад кірункам спадарыні Валі Бабулевіч падрыхтавалі Лукаш Зіневіч, Юстына ТамашукСпірыдовіч, Куба Мэтэнька, Уля Ліпато, Оля Сіманюк.
Інтэрв’ю апрацавалі Аня Ярымовіч (Гімназія ў Дубічах-Царкоўных) і Оля Міранюк (Белгімназія ў Бельску-Падляшскім).