PL EN

Кожны павінен шукаць свайго месца

Ніва № 30-2009

Пётр Бароўскі, вядомы польскі рэжысёр, заснавальнік тэатра Studium Teatralne, быў госцем ХХІІІ Сустрэч „Зоркі”. Наш госць прыехаў у Ляўкова з праекцыяй фільма „Канец песні”, галоўнымі героямі якога з’яўляюцца жыхары вёсак Сакольшчыны. Пётр Бароўскі пазнаёміўся з імі яшчэ ў 1980-я гады, калі разам з тэатральнай групай вандраваў па Беласточчыне і ставіў спектакль „Ужо адыходзім”. Узамен людзі спявалі ім песні, якія наш субяседнік запісаў на магнітафонную плёнку. Пасля 27-мі гадоў Пётр Бароўскі вярнуўся ў тыя вёскі. Пад уплывам пабачанага ён стварыў фільм „Канец песні”.

„Аранжавая хатка”: — Чаму якраз у 1980 годзе Вы вырашылі вандраваць са спектаклем па Сакольшчыне?

— Я з дзіцячых гадоў хацеў падарожнічаць па свеце. Калісь не было ў мяне такіх магчымасцей, але мой бацька ўсвядоміў мяне, што ў першую чаргу я павінен пазнаць меншасці, якія жывуць у Польшчы.

— Як Вы адчувалі сябе ў вёсках, дзе людзі між сабой не размаўлялі па-польску?

— Мы разумеліся без слоў. Хаця я прыехаў з іншага свету, людзі прынялі мяне як свайго, яны дапамагалі наладзіць кантакты ў другіх вёсках. І хацелі падзяліцца ўсім, што самі мелі.

— Ці пасля 27-мі гадоў вёска многа памянялася?

— Яна зусім іншая, чым тады. Паводле мяне, гэта два розныя светы. Хаця цяпер людзі жывуць багата, не выглядаюць на шчаслівейшых. Вёскі пустыя, няма там маладых. Калісь усе любілі супольныя бяседы, любілі спяваць і танчыць. А цяпер амаль цэлы вольны час людзі глядзяць тэлевізар.

— Паводле Вас, чалавек павінен мець зацікаўленні?

— Думаю, што самае важнае ў жыцці займацца тым, што цябе цікавіць. Я выбраў тэатр, нехта іншы выбярэ матэматыку. Для кожнага з нас адведзена нейкая роля ў грамадстве. Мой настаўнік з пачатковай школы гаварыў, што заняткі і прафесіі людзей у многім напамінаюць табліцу мікраэлементаў Мендзялеева, у якой многа пустых месц. Яны праз нейкі час папаўняюцца. Так што кожны павінен шукаць свайго месца.

— Ці потым Вы сустрэлі яшчэ такіх мудрых настаўнікаў?

— Так. Самым важным сярод іх быў рэжысёр Ежы Гратоўскі. У маладым узросце я думаў стаць музыкантам. Дзякуючы Гратоўскаму, я займаюся тэатрам. Ён адкрыў мне вочы на тэатр і я пасля доўгіх пошукаў стварыў свой уласны тэатр Studium Teatralne.

— Пастаноўкі, якія Вы рыхтуеце, вылучаюцца экспрэсіўным рухам і танцам. Хто навучае танцу Вашых акцёраў?

— Яны самі ствараюць танцы. У такі спосаб можна праявіць сваю душу.

— Ці Вы не думалі наведаць сённяшнюю Сакольшчыну са сваім тэатрам?

— Мару аб гэтым, але баюся, што сучасныя жыхары вёсак не зразумеюць тэатральных пастановак.

— Чаму так думаеце?

— За гэта адказныя тэлевізары і капмп’ютары. Раней людзі былі больш адкрытыя на тэатральныя формы. У адной з вёсак (людзі гэта ўспамінаюць у фільме) мы сустрэлі калектыў, які рыхтаваў пастаноўку „Гэроды”. Іх захапленне і адчуванне тэатра цяжка мне з чым колечы іншым параўнаць! Наш паэтычны спектакль „Ужо адыходзім” людзі ўспрымалі поўнасцю, убіралі яго ў сябе. Пасля, каб аддзячыцца, яны спявалі нам свае песні. Гэта быў настолькі прыгожы і моцны спеў на галасы, што чалавек адчуваў сябе ў гэтым свеце касмічна шчаслівым.

„Аранжавая хатка”: Гутарку пад кірункам Ганны Кандрацюк-Свярубскай падрыхтавалі: Эля Коршак, Міхаліна Герасімюк, Тамаш Ляшкевіч, Габрыся Налівайка, Караль Лукша, Наталька Семянюк, Юстына Якімюк.
Гутарку запісала і апрацавала Наталля Кандрацюк-Свярубская