PL EN

Кожны носіць у сабе след бацькоў!

Ніва № 26-2009

Інтэрв’ю з Надзеяй Артымовіч, беларускай паэткай з Бельска, аўтаркай паэтычных зборнікаў „We śnie i w bólu słowa” (пераклад на польскую мову Яна Леанчука — 1979), „Роздумы” (1981), „Сезон у белых пейзажах” (1990), „З неспакойных дарог” (1993), „Дзверы” (1994), „Łagodny czas”(пераклады пад рэдакцыяй Тадэя Карабовіча — 1998), „Адплывае спакойнае неба” (1999), „Жоўтая музыка” (2005), гутарыць рэдакцыя „Павуціння”.

„Павуцінне”: — Сум, безнадзейнасць, папяросы... Чаму Бельск у Вашай паэзіі такі сумны?

— Бельск не сумны, ён толькі ўжо не такі, які быў раней. Прамінанне — гэта смутак. Але гэта мой індывідуальны погляд. Калі пра папяросы і безнадзейнасць, яны не аснова ў маёй творчасці.

— Ці Вы мелі сяброў у польскім асяроддзі і як яны на Вас паўплывалі?

— Я сябрую з паэтамі Юрым Плютовічам і Янам Леанчуком з Беластока. Маю таксама сяброў у Варшаве, Любліне. Калі я працавала ў Бельскім доме культуры, арганізавала літаратурныя сустрэчы, на якія прыязджала многа пісьменнікаў. Кантакты заўсёды ёсць.

— Ваш верш „Калі блізкі зраніць цябе — маўчы” напамінае верш Веслава Казанэцкага „Pożeracze wolności, tylko oni znają jej smak”. Ці Вы карысталіся яго ўзорам?

— Не. Гэтыя вершы напісаны ў розны час у розных месцах. Я дэбютавала ў Варшаве, ён — у Беластоку. Я асабіста ведала Казанэцкага, але гэта не мела ўплыву на мой спосаб пісання. Люблю вершы Казанэцкага, гэта добры паэт, ён на свой індывідуальны спосаб спартрэтаваў чалавека.

— Які след у Вашым жыцці і паэзіі пакінулі бацькі?

— Кожны з нас носіць у сабе след сваіх бацькоў, сястры ці брата. Гэта выразна прабіваецца ў маёй паэзіі.

— Мы ведаем, што Вы любіце шпацыраваць. Чаму якраз месцам Вашых шпацыраў з'яўляюцца могілкі, а не цяперашні Бельск?

— Так, я часта хаджу на могілкі да бацькоў. Мой бацька памёр калі мне было 10 гадоў, з мамай я таксама мела няшмат кантактаў, таму што я рана выехала з Бельска. У мяне ёсць такая патрэба, каб адведаць магілы бацькоў. А сама дарога на могілкі і назад — гэта час рэфлексіі...

— Ці Вашы вершы з'яўляюцца сведчаннем Вашага жыцця?

— Я скажу так: кожны твор з'яўляецца крэацыяй, гэта не дакладная фатаграфія аўтара. У вершы ёсць аўтар, але не адзін ён... Вядома, можна дашукацца пячаці індывідуальнасці, але да пэўнай ступені...

— Ці Вы адчуваеце, што наша паэзія гэта ўсё Ваша жыццё?

— Паэзія важная ў маім жыцці, але ёсць і іншыя важныя рэчы і справы. Скажу так: паэзія заўсёды будзе для мяне нумар адзін!

Гутарку-інтэрв’ю пад кірункам Яўгена Вапы падрыхтавала рэдакцыя „Павуціння”: Лукаш Зіневіч, Оля Міранюк, Аня Ярымовіч, Юстына Тамашук, Оля Сіманюк, Куба Мэтэнька, Уля Ліпато, Магда Панасюк, Міхась Сцепанюк.
Гутарку запісалі і апрацавалі Лукаш Зіневіч (ІІ клас Гімназіі ў Гарадку) і Оля Міранюк (ІІІ клас Белгімназіі ў Бельску)