PL EN

Хіпі любілі людзей!

Ніва № 25-2009

Каміль Сіповіч: Нарадзіўся ў 1953 г. у Атвоцку. У 1970 г. ангажаваўся ў рух хіпі. Прымаў удзел у контркультурных хэпенінгах Анджэя Зузака ў варшаўскім клубе „Сігма”. Закончыў філасофію на Каталіцкай тэалагічнай акадэміі. Філасофскія студыі ў Варшаве, Мюнхене і Заходнім Берліне падвёў у кніжным выданні „Heidegger: Degeneracja i nieautentyczność” (2005). У канцы 2008 г. выходзіць сацыялагічны нарыс пра рух хіпі ў Польшчы „Hipisi w PRL-u”. З 1975 г. супрацоўнічае з музычным журналам „Jazz”, засноўвае музычнае выдавецтва. Як паэт дэбютуе ў 1983 г. (друкуецца ў часопісе „Twórczość”). Аўтар паэтычных зборнікаў: „Tajemnicze dzieje pierwiastków”, „Świder metafizyczny”, „I znowu pogrzeb we wrześniu”, „Pieśni solarne”. З 1975 г. сяброўкай яго жыцця з’яўляецца зорка польскай рок- сцэны Кора, з якой напісаў кніжку „Podwójna linia życia”.

„Аранжавая хатка”: — Колькі Вам было гадоў, калі Вы прыступілі да руху хіпі? І чаму якраз Вы захапіліся гэтай контркультурай?

Каміль Сіповіч: — Мне было семнаццаць гадоў. Аднойчы я ўбачыў іх на Старым горадзе ў Варшаве. Мяне паразіла гэтая карціна, я першы раз пабачыў, што ў камуністычнай краіне людзі мелі свой свабодалюбівы стыль: доўгія валасы, хіпі-музыку, каляровую вопратку...

— Які ўплыў на Вашу адукацыю мела сувязь з рухам хіпі?

— Мы вучыліся дзеля прыемнасці, адначасова хацелі ствараць сваю мікраграмадскасць. Дзякуючы руху хіпі, я дайшоў да сваіх сапраўдных зацікаўленняў. Я закончыў філасофію ў Тэалагічнай каталіцкай акадэміі.

— Чым Вы займаліся ў руху хіпі?

— Я нічым не займаўся, таму што гэта быў рух лянівых людзей (смех!).

— Наколькі ідэалы хіпі мелі ўплыў на Ваша жыццё?

— Усё зводзілася да адной справы: хіпі любілі людзей. Мы стараліся наладзіць між сабой жыццё ў гармоніі з прыродай. Мы звярталі ўвагу на здаровую ежу. Пачалі насіць адметную, прыгожую вопратку... І таксама стараліся быць талерантнымі для іншых рас, рэлігій і сексуальных арыентацый.

— Ці польскі рух хіпі адрозніваўся ад таго ў ЗША?

— Наш рух пачаўся сам па сябе ў 1967 годзе. Мы не ведалі, што падобная з’ява адбываецца ў Амерыцы. Пра тое, што такі рух узнік у ЗША і скалыхнуў Амерыкай, мы даведаліся пазней, з прэсы. Ведаю, што рух хіпі існаваў у Беларусі, моцны цэнтр якога знаходзіўся, напрыклад, у Гародні. Калі справа ў адрозненнях, дык у Польшчы рух хіпі дзейнічаў на абочыне грамадскага жыцця, нас прыніжалі, праследавалі міліцыя і бяспека. Яны бачылі пагрозу ў індывідуальнасці, у адкрыцці на іншых. Вядома, мы адрозніваліся ад хіпі ў ЗША. У Амерыцы з’яву хутка скарысталі ў камерцыі, сталі зарабляць на хіпі. Бізнесоўцы пачалі выпускаць машыны для хіпі, прадукавалі каляровую вопратку і аздобы, арганізавалі экскурсіі ў Непал або Індыю. Польскія хіпі нешта перанялі з Захаду, але можна сказаць, што мы самі стварылі сваю адметнасць.

— Як бацькі ўспрымалі Вашу прыналежнасць да руху хіпі?

— Мой беларускі бацька меў другую сям’ю і мной не займаўся. А маці, вядома, была спалоханая.

— Часта думаем, што хіпі адказныя за распаўсюджванне наркотыкаў. Ці сапраўды Вы пачалі хвалю наркаманіі?

— Добрае пытанне! Скажу так. Усе грамадствы мелі свае наркотыкі. Гарэлка гэта таксама наркотык. Хіпі прыдумалі свой уласны спосаб, каб „адкрыцца” на свет цераз наркотыкі. Магу аднак сказаць, што мы часткова адказныя за развіццё наркаманіі. Я сам ніколі не быў залежным ад іх, але мой сын меў такія праблемы і мы былі вымушаны аддаць яго на лячэнне.

— Па лініі бацькі Вы — пляменнік беларускага біскупа Чэслава Сіповіча. Якое значэнне маюць для Вас беларускія карані?

— Яны важныя ў маім жыцці. У маіх жылах плыве беларуская кроў майго бацькі, з якім я ніколі не пазнаёміўся. Аднак у апошні час я зацікавіўся гісторыяй маёй сям’і. Часта бываю на Беласточчыне, дзе маю сяброў. Вельмі люблю размаўляць з Сакратам Яновічам. Хачу паехаць на Браслаўшчыну ў Беларусь і там пашукаць сваіх каранёў.

— Амаль ва ўсіх гандлёвых галерэях на надыходзячы летні сезон прапануюць каляровую моду хіпі. Як Вы ўспрымаеце такі паварот?

— Мода хіпі вельмі прыгожая. Яна ўвяла джынсы, разнаколерныя строі ў мексіканскія, індзейскія, індускія ўзоры, усякія арыентальныя аздобы. Але не адна мода вяртаецца. Пасля гадоў, 12 чэрвеня вяртаецца ў кіно культавы фільм Мілаша Формана „Hair”. Мяне, дарэчы, папрасілі выказацца пра гэты фільм для газеты „Dziennik” (інтрэв’ю паказалася ва ўчарашнім нумары). Там, між іншым, я гавару як нашы хіпі ездзілі ў Будапешт паглядзець гэты фільм, бо ў Польшчы яго доўга яшчэ не пускалі...

PS. Размову мы правялі 7 чэрвеня г.г. у Новым Ляўкове.

Гутарку-інтэрв’ю пад кірункам Ганны Кандрацюк і Ілоны Карпюк падрыхтавала
рэдакцыя „Аранжавай хаткі” (Наталля Кандрацюк-Свярубская, Наталля Семянюк, Эля Коршак, Міхаліна Герасімюк, Юстына Якімюк, Тамаш Ляшкевіч, Кароль Лукша, Габрыеля Налівайка).
Некаторыя пытанні выйшлі ад сустрачанскай публікі. Размову апрацавалі: Эля Коршак (ІІІ клас белгімназіі ў Бельску-Падляшскім) і Міхаліна Герасімюк (І клас белгімназіі ў Гайнаўцы)