PL EN

Гуманіст з адным выключэннем

Ніва № 31-2009

Яшчэ да сустрэчы з Яўгенам Вапам мы на лістках паперы спісалі ўсе яго жыццёвыя ролі. Спіс пачынаецца настаўнікам, канчаецца пешаходам. Паміж імі многа іншых роляў, якія адыграў у сваім жыцці галоўны рэдактар „Нівы”. Можна смела сказаць, што, дзякуючы шырокім зацікаўленням, Яўген Вапа напамінае прыкладнага гуманіста эпохі рэнесансу. З адным выключэннем — ён не вельмі любіў у сярэдняй школе матэматыкі!

„Аранжавая хатка”: — Вы родам з пушчанскай вёскі Доўгі Брод. Якім чынам Вы дасягнулі такую высокую пазіцыю ў грамадстве?

Яўген Вапа: — У часы дзяцінства, калі я толькі меў магчымасць, ляжаў на лузе і глядзеў у хмаркі. Дзякуючы назіранням прыроды я быў у змозе канцэнтравацца ў час навукі.

— Як успамінаеце пачатковую школу ў Арэшкаве?

— У той час маёй любімай паравінай года была зіма. Вядома, тады часта завейвала дарогу і я не мусіў хадзіць у школу.

— Як выглядала Ваша далейшая адукацыя?

— Пасля навукі ў пачатковай школе я стаў вучнем беларускага ліцэя ў Гайнаўцы. Памятаю, што самым цяжкім прадметам для мяне была матэматыка. Часамі здаралася, што я хаваўся ад урока матэматыкі ў бібліятэку і там чытаў кніжкі. Аднойчы мяне сустрэла там настаўніца матэматыкі. Пані Параскева сказала мне, што каб чытаць кніжкі, трэба найперш разумець матэматыку. І гэта таксама праўда.

— Неўзабаве Вы паступілі на гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Як Вы адчувалі сябе між студэнтамі з вялікіх гарадоў?

— Паводле мяне, між намі не было розніц. Здольнасці чалавека не звязаны з месцам яго нараджэння. Мае сябры-студэнты былі пад уражаннем, што я не толькі вучуся, але знаходжу час каб працаваць і зарабляць сабе грошы.

— Як успамінаеце час, калі Вы працавалі настаўнікам у Гайнаўскім белліцэі?

— Разам з вучнямі я рыхтаваў школьную газету. Раней, калі я яшчэ быў вучнем, таксама гуляў у журналіста. Цягам чатырох гадоў у ліцэі мае вучні вельмі памяняліся. Дзякуючы працы ў газеце, яны сталі лепш вучыцца. Апрача таго, асобы не звязаныя раней з пісаннем, сталі выдатнымі журналістамі. Яшчэ сёння памятаю класныя тэксты дзяўчыны, якая цікавілася хіміяй.

— Хаця Вы сярод вучняў былі вельмі папулярным настаўнікам, Вы памянялі прафесію...

— Думаю, што настаўнік павінен рыхтавацца да кожнага ўрока. Калі я стаў ездзіць па беларускіх справах у Беласток, у мяне звычайна не хапала часу.

— Раскажыце нам пра звычайны дзень галоўнага рэдактара, мужа, кнігаеда...

— Прачынаюся звычайна пасля пятай раніцы. Найперш гляджу ў інтэрнэце навіны са свету, Польшчы, Беларусі і Расіі. Пасля снедання найчасцей іду пяшком на працу. Дзякуючы такім штодзённым шпацырам магу назіраць за прыродай. Вечарам люблю глядзець футбольныя матчы. Амаль штодзённа дапазна чытаю кніжкі.

— Ці бачыце падабенства паміж Вамі і Вашай дачкой?

— Дар’я, таксама як і я, кнігаедка. Я цешуся, што магу ёй купляць кніжкі. На жаль, ёсць яшчэ адна рыса, якая нас спалучае — мая дачка таксама не вельмі сябруе з матэматыкай!

„Аранжавая хатка”, сустрэчугутарку пад кірункам Ілоны Карпюк падрыхтавалі Наталля Кандрацюк-Свярубская, Наталля Семянюк, Эля Коршак, Габрыела Налівайка, Міхаліна Герасімюк, Юстына Якімюк, Тамаш Ляшкевіч, Караль Лукша.
Запісала і апрацавала Наталля Кандрацюк-Свярубская (ІІІ Агульнаадукацыйны ліцэй у Беластоку)