PL EN

Добрае сэрца

Якуб Мэтэнька

Ніва № 26-2009

Даўным-даўно ў ляўкоўскім млыне жыў стары млынар. Людзі раілі яму перадаць тайны сваёй прафесіі камусьці малодшаму. Млынар, аднак, не хацеў кідаць млына, нават не дапускаў да сябе такой думкі. Ён любіў гэтае месца больш за сябе самога. Уласнік млына разумеў старога і дазволіў яму тут дажываць. Ён спачуваў чалавеку, у якога не было сваёй сям’і і ўласнай хаты...

Прыйшла вайна. Ворагі падышлі пад Новае Ляўкова. Людзі чулі іх грубыя і злосныя галасы. Ноччу ўварваліся яны ў вёску і загадалі людзям кідаць хаты ды ісці разам з імі ваяваць. Але людзі не паслухаліся лютай навалачы і рашылі ўцячы ў Белавежскую пушчу. Адно стары млынар не пайшоў у лес. Ён не меў сілы пакінуць свой млын. Гэтае месца ён цаніў больш за сваё жыццё. І калі захопнікі падпалілі вёску, ён сам стаў гасіць пажар. Людзі здалёк бачылі яго намаганні. Так ці інакш млын ацалеў, але шмат гаспадарак згарэла. Уражлівае сэрца старога чалавека не вытрымала. Калі людзі вярнуліся з пушчы, яны ўбачылі мёртвага млынара. Ля старога сядзеў верны сабака. Людзі зрабілі прыгожае пахаванне, побач млына насыпалі невялікі курган. Хоць курган не захаваўся да нашага часу, людзі гавораць, што раз у год, у Градавую сераду, ажывае дух млынара і круціць колы млына. Але пабачыць гэтае дзіва можа толькі той, у каго чыстая душа і добрае сэрца.

„Павуццінне”, Якуб Мэтэнька
(Белгімназія ў Бельску-Падляшскім)