PL EN

„Бора-Здруй” — краіна чараў

Аня Келбашэўская

Ніва № 27-2009

Я заўсёды думала, што сапраўдным адпачынкам для майго цела і душы з’яўляецца купанне, кароткі сон на свежым паветры і шпацыр па соннай вуліцы вёскі. Аднак я памылялася. Я мела магчымасць пабываць на Сустрэчах „Зоркі” ў Новым Ляўкове. Разам з новымі сябрамі я знаёмілася з тайнамі журналістыкі. Месца сустрэчы захапіла мяне сваёй блізкасцю да Белавежскай пушчы. Ніхто тут не парушыць спакою і цішыні, таму што двор пільнуе сабака Шарык. Мы нават сярод лесу мелі заняткі. Ніхто не хацеў траціць часу ўпустую. Цэлы дзень мы шчыра працавалі пры сваіх фельетонах, інфармацыях, рыхтавалі сустрэчы з гасцямі... Вечарам глядзелі фільмы і размаўлялі пра свае зацікаўленні. Пасля вячэры быў нават час на жахалкі і смешныя анекдоты. Нам здарылася забыцца пра час і прасядзець да позняй гадзіны. Праўда, пасля страшных рахацелася спаць. Усе засталіся ў адным пакоі. У рэшце рэшт мы здрамнуліся на некалькі гадзін. Я па сённяшні дзень не магу зразумець як нас восем асоб памесцілася на адным ложку. Раніцай усе былі заспаныя, але ведалі, што трэба быць у добрай форме, бо чакалі нас цікавыя заняткі і інтэлектуальная праца. Нашы гаспадары прапанавалі нам паляжаць у гарачай пясочніцы-пляжы або папарыцца ў лазні. Усе кінуліся на гарачы пясок. Лазняй мала хто пакарыстаўся, таму што мы не ведалі дзе ўключальнік святла. І такім цудам мы кожны дзень здзяйснялі „пад’ём” на ніве беларускай, школьнай, журналістыкі...

„Павуцінне”, Аня Келбашэўская
(Гімназія ў Нарве)