PL EN

Грамніцы

15 лютага - Свята Стрэчання Гасподняга - Грамніцы. Гэтая назва ўзялася ад грому.

у гэты дзень мы паехалі ў Ялоўку. І бачылі касцёл, у якім быў ахрышчаны Кастусь Каліноўскі. Служыў тут перад вайной беларускі ксёндз Янка Семашкевіч. Ён пісаў вершы ў дзіцячы часопіс "Пралескі", пісваўся ён псеўданімам Янка Ялавец.

вершык "Дзецям" (з "Пралесак")

Хоць восень настала

кветачак мала,

Пралескі аднак зацвілі.

То гэтыя кветкі,

Каханыя дзеткі,

Ёсць родныя нашай Зямлі.

Настануць марозы ...

У горы і слёзах

Яны будуць вас пацяшаць

Калі няма кветак -

Вас, РОДНЫЯ дзеткі

Навучаць сваё шанаваць.

Вучыцеся ж пільна

У мове радзімай,

Усягды памятайце аб ёй,

Аб гонях, аб вёсках,

Сасонках бярозках.

як скарбах Старонкі сваёй.

Янка Ялавец

бачылі мы таксама руіны касцёла святога Антонія, збудаванага на пачатку нашага стагоддзя. Разбурылі яго немцы ў ІІ сусветную вайну.

Пайшлі мы ва Уздзвіжанскую царкву. У час багаслужбы спявалі грамнічную песню "ПреДнвное торжество". Пасля айцец Яўген Кахановіч запрасіў нас да сябе на пачастунак.

З гэтага маляўнічага мястэчка паехалі ўздоўж мяжы з Беларуссю ў Мастаўляны. Там наведалі месца, дзе калісьці быў фальварак Каліноўскіх. Там нарадзіўся дыктатар студзеньскага паўстання Кастусь Каліноўскі. Сёння ад хаты астаўся падмурак і старыя каштаны. У Мастаўлянах ёсць таксама прыгожая драўляная царква.

Вяртаючыся ў Бандары, затрымаліся мы ў Юшкавым Грудзе, каб паглядзець царкву. Ёсць у ёй 70 вакон і таму там вельмі светла. Цікава, што на купале ад сярэдзіны намаляваны зоркі, быццам на небе. Айцец Славамір Тафілюк расказаў пра сваю парафію.

Вярнуўшыся ў Бандары, Дарафей Фёнік , эгодна са старажытным абрадам падпальваў кожнаму пасмы валасоў, каб не баяліся грому. Найцяжэй было прысмаліць кароценькія валасы Томка Саевіча. Расказаў таксама пра дахрысціянскае паходжанне гэтага свята і звязаныя з ім абрады. Калі ў хаце была дзяўчына, гаспадар гасіў грамнічную свечку. Адтуль, куды пайшоў дым, меў прыйсці хлопец. З гэтым святам звязаны прымаўкі: "На Грамніцы палавіна зіміцы", "На Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы".

Ірэна Кулік,
Міхась Стэпанюк