PL EN

Дзённік Ірэны

(частка ІІ)

13.02.1996 г.

А сёмай гадзіне раніцы я ўстала з ложка і хацела, каб як найхутчэй пачаліся спатканні ў групах. Пасля снедання мы пайшлі да апекуноў, якія раздалі ролі для ўсіх маладых акцёраў. У сцэнцы я буду вожыкам. Настаўніца Ніна Ціванюк прыйшла да нас расказаць пра тое, як нарадзіліся назвы вёсак у наваколлі. Мяне гэта вельмі зацікавіла, і я пачала задумоўвацца, ад чаго паходзіць назва Тафілаўцы. З сяброўкай Ясяй, атаксама з публіцыстычнай групай хадзілі мы Ў вёску Бандары правесці інтэрв'ю са старэнькім дзедам Пятром Салаўём, які гаварыў пра ворагаў "каб іх ваўкі з'елі". Мне вельмі спадабаліся апекуны групы - Лена Глагоўская і Алег Латышонак. Тады я таксама рашыла, што буду займацца ў іхняй групе. Успаміны Пятра Салаўя былі страшныя, і я ўспомніла, як мая памерлая ўжо бабуля расказвала мне пра сваё жыццё.

Пасля таго ў нас адбылася вечарына, на якую запрасілі паэта з Рыбакоў Фёдара Хлябіча. Прачытаў ён многа сваіх вершаў, а таксама дазволіў мне адзін з іх перапісаць. Я вельмі цешылася з таго і дзякавала паэту. У той жа вечар мы пазнаёміліся з дзяўчынкамі з гурту "Журавінка" з Бельска-Падляшскага. Сённяшні дзень быў вельмі цікавы, і я спадзяюся, што іншыя таксама будуць такія. Мы леглі спаць вельмі позна і думалі аб тым, як будзе ў новай групе.

14.02_1996 г.

Сёння ўстала я ў восем гадзін і думала, што спазнюся на снеданне. Цікавіла мяне вельмі, куды пойдзем на экскурсію. Аказалася, што ў Рыбакі на плаціну. Калі мы туды ішлі, мне было вельмі холадна і непрыемна. інжынер Аляксандр Кардаш, старшы спецыяліст па гідратэхніцы расказаў нам пра возера. Гісторыя вадасховішча вельмі цікавая. Асаблівае ўражанне рабіў мёрзлы лёд, якога было вельмі многа. Дзесяць метраў пад узроўнем вады знаходзіцца многа пакояў, а ў адным з іх кантора. Ніколі я не бачыла такіх дзівосаў пад плацінаю, Пасля таго мы падаліся ў Рыбакі, дзе наведалі настаўнікаў Тамару і Яна Ціванюкоў, якія вучылі роднай мове ў Луцэ, вечарамі арганізавалі спатканні для дарослых. Я вельмі б хацела паглядзець, як выглядае такая сустрэча.

Пасля абеду завітаў да нас радыёжурналіст з. Беласток Юрка Ляшчынскі. Расказаў ён пра сваю працу. У той момант мне найбольш хацелася стаць журналісткай. Пасля Ю. Ляшчынскі зрабіў з намі інтэрв'ю. Вельмі мне гэта спадабалася.

Сёння "дзень закаханых". Я позна легла спаць, бо доўга сядзела. Сённяшні дзень быў вельмі цікавы і думаю, што заўтра таксама будзе прыгожа.

(працяг будзе)

Ірэна Кулік